СВАБО́ДА І НЕАБХО́ДНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія вызначаюць узаемадзеянне паміж дзейнасцю людзей і аб’ектыўнымі законамі прыроды і грамадства. Характарызуюць здольнасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі ведамі, інтарэсамі і мэтамі з улікам унутр. і ўстойлівых узаемасувязей і адносін аб’ектыўнай рэальнасці. Прадстаўнікі ідэалістычнай філасофіі разглядаюць С. і н. як узаемавыключальныя паняцці, разумеюць свабоду як свабоду волі, самавызначэнне духу, недэтэрмінаваныя знешнімі ўмовамі, аснову чалавечай адказнасці. Прадстаўнікі механіст. дэтэрмінізму адмаўляюць свабоду волі і сцвярджаюць, што дзеянні чалавека вызначаюцца знешнімі, незалежнымі ад яго абставінамі. Б.Спіноза разумеў свабоду як усвядомленую неабходнасць. Г.Гегель распрацаваў канцэпцыю дыялект. адзінства С. і н. Дыялектычна-матэрыяліст. асэнсаванне праблемы С. і н. зыходзіць з прызнання першаснасці аб’ектыўнай неабходнасці і другаснасці свабоды і свядомасці чалавека як вытворных ад неабходнасці. У паўсядзённай практыцы людзі сутыкаюцца з выяўленнем неабходнасці ў форме ўмоў жыцця, сац.-эканам. адносін, наяўных матэрыяльна-тэхн. сродкаў. Непазнаныя законы развіцця прыроды і грамадства з’яўляюцца неўсвядомленай неабходнасцю. У працэсе развіцця соцыуму межы неўсвядомленай неабходнасці звужаюцца, а свабода асобы як усвядомленая неабходнасць узрастае ў межах дзеяння аб’ектыўных законаў развіцця прыроды і грамадства.
І.В.Катляроў.
т. 14, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)